ПАРАКСІЯ́ЛЬНЫ ПУЧО́К ПРАМЯНЁЎ,

светлавы пучок, які распаўсюджваецца ўздоўж восі цэнтраванай аптычнай сістэмы. Утварае малыя вуглы з воссю і нармалямі да пераламляльных і адбівальных паверхняў. Для П.п.п. строга справядлівыя ўсе суадносіны, якія апісваюць утварэнне відарыса аптычнага. У відарысах, створаных П.п.п., адсутнічаюць аберацыі аптычных сістэм (акрамя храматычнай аберацыі ў лінзавых сістэмах). На практыцы пад П.п.п. разумеюць пучок прамянёў, які распаўсюджваецца пад канечнымі (у некалькі градусаў) вугламі да аптычнай восі і для якіх адступленні ад строгіх суадносін можна не ўлічваць. Вобласць вакол аптычнай восі сістэмы, дзе прамяні можна лічыць параксіяльнымі, наз. параксіяльнай.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)